ВАЎКАВЫ́СКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з лютага 1942 да лютага 1944 на тэр. Ваўкавыскага, часткова Поразаўскага і Свіслацкага р-наў, уваходзіла ў Беластоцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю. Налічвала больш за 90 чал., складалася з пярвічных падп. ячэек, якія дзейнічалі ў Ваўкавыску, вёсках Карпаўцы, Каты, Краснае Сяло, Пекары, Петакі, Севашкі, Трунцы Ваўкавыскага, Грыцкі, Задворанцы, Раманаўцы Свіслацкага, Грынявічы і Міхайлы Поразаўскага р-наў. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, зрывалі планы акупантаў па рабаванні насельніцтва і вывазе моладзі ў Германію, учынялі дыверсіі, збіралі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты. У лютым 1944 гітлераўцы арыштавалі 19 патрыётаў, астатнія працягвалі барацьбу, некаторыя пайшлі да партызан. У в. Карпаўцы помнік падпольшчыкам.
т. 4, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)